/ 26 декабря, 2018

20 снежня 2018 года ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання першага ў свеце “Буквара” на славянскай мове. Кніга выдадзена 24 ліпеня 1618 года на царкоўнаславянскай мове ў тыпаграфіі Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі (зараз літоўскі горад Вевіс),  якое было адным з буйнейшых выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. На сённяшні дзень захавалася толькі два экзэмпляры старажытнага помніка асветніцкай думкі Беларусі, якія знаходзяцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі і ў бібліятэцы Мідл Тэмпл Вялікабрытаніі. Дзякуючы Нацыянальнай бібліятэцы  Беларусі, якая рэалізавала міжнародны навуковы праект да 400-годдзя выдання першага “Буквара”,  Рэспубліка Беларусь атрымала факсімільную копію гэтага ўнікальнага выдання. Факсімільнае  выданне прадстаўлена ў трох тамах: “Першы “Буквар”: факсімільнае ўзнаўленне”, “Даследаванні”, “Пераклад”.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі Суша Алесь Аляксандравіч у сваім выступленні расказаў пра кніжныя помнікі Беларусі і зазначыў, што беларусам ёсць чым ганарыцца, так як прадстаўнікі нашай нацыі стаялі ў вытокаў першага выдання буквара і менавіта яны прыдумалі назву “буквар”, якая на сённяшні дзень трывала ўвайшла ў многія мовы свету. За мінулыя некалькі стагоддзяў пабачылі свет тысячы выданняў “Буквара” на дзесятках моў.

Гродзеншчына з вялікай пашанай сутракала галоўную кнігу, якая вучыць людзей грамаце. 40 арганізацый рэгіёна: абласная і публічныя бібліятэкі, вядучыя музеі, адукацыйныя ўстановы, праваслаўныя і каталіцкія арганізацыі, у тым ліку і ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” атрымалі ў дар ад Нацыянальнай бібліятэкі  Беларусі каштоўнае выданне.

Шчыра дзякуем галоўную бібліятэку рэспублікі за вяртанне кніжнай спадчыны беларускага народа.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий