Ва ўсім свеце 20 сакавіка, па ініцыятыве ААН, святкуецца Дзень Зямлі. Прычым у календары міжнародных святаў існуе два Дні Зямлі — сённяшні прымеркаваны да Дня вясновага раўнадзенства, а другі — 22 красавіка. Першы мае міратворчую і гуманістычную накіраванасць, другі — экалагічную.
Дата 20 сакавіка была абрана і афіцыйна зацверджана ў 1971 годзе ААН для Дня Зямлі менавіта таму, што на гэты час выпадае дзень вясновага раўнадзенства, калі мяняецца біялагічны рытм планеты, і яна пераходзіць на новы віток свайго развіцця, калі адбываецца абуджэнне прыроды і яе абнаўленне.
Сёння Дзень Зямлі — сусветны рух грамадзянскіх ініцыятыў у абарону планеты, як агульнага глабальнага Дома, які аб’ядноўвае мноства розных мерапрыемстваў і акцый, як прыродаахоўных і экалагічных, так і міратворчых. Гэта не столькі свята, колькі нагода яшчэ раз задумацца аб праблемах уразлівага навакольнага асяроддзя, праблемах узаемаадносін чалавека і навакольнага свету.