Штогод 27 студзеня ў свеце прыгадваюць ахвяр Халакоста. Гэты Дзень быў заснаваны 1 лістапада 2005 года на 60 сесіі Генеральнай асамблеі ААН (рэзалюцыя 60/7 «Памяць аб Халакосце») і штогод адзначаецца 27 студзеня — у дзень вызвалення савецкімі войскамі найбуйнейшага нацыскага канцэнтрацыйнага лагера Асвенцым-Біркенау ў 1945 годзе.
У сучасным разуменні Халакост – гэта наўмыснае і сістэматычнае знішчэнне ў гады Другой сусветнай вайны нямецкімі нацыстамі і калабарацыяністамі з іншых краін прадстаўнікоў яўрэйскага народа, славян, цыган, людзей з разумовымі і фізічнымі адхіленнямі.
Ахвярамі Халакосту сталі каля 6 млн. яўрэяў. Толькі на тэрыторыі Беларусі былі знішчаны больш за 800 тыс. яўрэяў. У лагерах смерці загінулі мільёны савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, прадстаўнікоў еўрапейскіх народаў.