4 снежня Навагрудская раённая бібліятэка ладзіла этна-вечарыну “Кірмаш – і цэлы свет ваш”, на якую запрасіла навучэнцаў другога курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі. Зала ператварылася ў імправізаваны рамесны кірмаш з гандлёвымі радамі, якія вабілі да сябе смачнымі пачастункамі і каларытнымі вырабамі народных майстроў. Бібліятэкар расказала пра ролю кірмашоў у паўсядзённым жыцці людзей, пра іх звычаі і традыцыі, пра розную спецыялізацыю гандлю беларускіх кірмашоў, а таксама пазнаёміла прысутных з адлюстраваннем кірмашовай тэмы ў мастацкай літаратуры.
Насычанай атрымалася конкурсная праграма этна-вечарыны. Кірмашы славіліся народнымі гуляннямі, сярод адной з цікавых забаў былі латарэі. Смачныя і карысныя прызы парадавалі яе ўдзельнікаў. Цікавыя факты пра ганчарства, кавальства і пляценне адкрылі для сябе юнакі праз выкананне розных заданняў. Не абышлося на нашым кірмашы і без салодкіх прысмакаў, якія раскрылі майстэрства пекарства на кірмашах. Духмянае печыва прыйшлося даспадобы ўсім прысутным.