18 сакавіка ў рамках Тыдня праваслаўнай кнігі ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася духоўна-асветніцкая гасцёўня “800 гадоў святыні над Нёманам…”.
Мерапрыемства было арганізавана супрацоўнікамі бібліятэкі і Навагрудскім благачыннем і прымеркавана да 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. А яго слухачамі сталі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі і аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама, педагогі і навучэнцы старэйшых класаў школ горада.
Клірык Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра іерэй Яўген Барташэвіч пазнаёміў прысутных з фотавыставай “Святыня Прынёмання», распавёўшы пра гісторыю і сучаснае жыцця Лаўрышаўскага манастыра. У выкананні браціі манастыра прагучалі царкоўныя малітвы і спевы, надаўшы асаблівы духоўны настрой мерапрыемству.
Благачынны Навагрудскай царкоўнай акругі протаіерэй Анатоль Герасімук, сведка і ўдзельнік трэцяга адраджэння Свята-Елісееўскага манастыра, распавёў пра гэтыя гістарычныя падзеі і пра духоўную ролю манастыра ў наш час.
Бібліятэкар І.А. Шаўчук пазнаёміла прысутных з выставай кніг «Духоўныя вытокі Навагрудчыны».
Галерэю мініяцюр “Па старонках Лаўрышаўскага Евангелля” прадставіла супрацоўнік бібліятэкі В.К. Жых.
Пра гісторыю стварэння факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля распавяла дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі І.М. Царук.
Мерапрыемства было арганізавана для таго, каб расказаць слухачам аб святынях і святых малой радзімы, прыцягнуць да больш глыбокага пазнання гісторыі Навагрудчыны і запрасіць усіх у Святую мясціну ў юбілейны год яе заснавання.