/ 28 февраля, 2019

28 лютага ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя і ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля.

На ўрачыстасці прысутнічалі кіраўніцтва раёна і шаноўных гасці: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга Папко, памочнік пасла Алена Вашчанка, другі сакратар амбасады Святлана Раманюк, другі сакратар амбасады, прэс-атташэ Павел  Траян, дырэктар выдавецства “Гарабец” Ганна Гарабец, прафесар, доктар навук Віктар Майсіенка, мецэнат праекта Вольга Скрыпачэнка і Ігар Арцемук.

У дар бібліятэка атрымала адзін з трох экзэмпляраў, якія будуць захоўвацца на Навагрудчыне.

Унікальны рукапісны помнік ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню, стаў дасяжны даследчыкам і аматрам спадчыны беларускага Сярэднявечча.

Лаўрышаўскае Евангелле — рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ–XIV ст. Быў створаны для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Наваградкам, аб чым сведчаць укладныя (дарчыя) запісы, змешчаныя ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка). У перыяд знаходжання Беларусі ў Расійскай Імперыі ў XIX ст. унікальная кніга была вывезена ў Кракаў, дзе цяпер і захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (Польшча, Кракаў).

Факсімільнае выданне выйшла ў канцы 2018 г. у кіеўскім выдавецтве «Горобець» ва Украіне. Лаўрышаўскае Евангелле праз знітаванасць нашых традыцый з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін — Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий