/ 16 апреля, 2019

15 красавіка ў міні-галерэі «Імгненне» Навагрудскай раённай бібліятэкі адбылося адкрыццё фотапраекта мінскага фотамастака Міхаіла Крыжаноўскага «Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці». Падчас творчай сустрэчы навагрудчане пазнаёміліся з аўтарам, які звярнуўся да эпохі Агінскага, каб аднавіць памяць суайчыннікаў пра славутага земляка, як шматграннай асобы, віднага палітычнага дзеяча і таленавітага кампазітара. Выстава адлюстроўвае помнік гісторыка-культурнай спадчыны “Ансамбль былога палаца Агінскіх пачатку 19 стагоддзя” у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. У фотасюжэтах майстра прырода, краявіды дзівосных куткоў, дзе жыў і тварыў Міхаіл Клеафас Агінскі, старадаўняя і сучасная архітэктура.

Да прагляду прапануюцца 39 фотаработ. У аснову серыі фатаграфій пакладзены фотаматэрыялы, знятыя ў розныя гады, сюжэты, прысвечаныя актуальным пытанням захавання культурнага асяродку, паказаны стан палацавага ансамбля “Паўночныя Афіны”, яго мінулае і сучаснасць.

На сустрэчу прыйшлі студэнты ДУА “Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж”. Міхаіл Крыжаноўскі як эканаміст-мэнэджар расказаў, што патрэбна ведаць, каб займацца фотасправай на прафесійным узроўні, правёў экскурсію па фотаздымках. Адбылося знаёмства Міхаіла Крыжаноўскага з фатографам-аматарам Міхаілам Касабукіным, у калекцыі якога не адна тысяча фотаздымкаў, прысвечаных прыгажосці роднай Навагрудчыны, фотамайстры падзяліліся ўражаннямі і парадамі.

Міхаіл Крыжаноўскі – адзін з лепшых фотамастакоў Беларусі, удзельнік міжнародных фотавыстаў і конкурсаў, удзельнічае ў дабрачынных праектах, арганізуе іх пры абласным і гарадскім таварыствах інвалідаў Мінска. Як сапраўдны майстар партрэтных, рэпартажных і мастацкіх здымкаў, умее адшукаць, адкрыць і адлюстраваць у кадры самае патаемнае, няўлоўнае і індывідуальнае, што надае непаўторнасць і прыцягальнасць кожнай з яго работ.

Фатаграфіі фотамастака нікога не пакінулі абыякавымі, напэўна таму, што яго творы адлюстроўваюць любоў да радзімы.

Невядомыя старонкі жыцця і творчасці пра асобу Агінскага адкрыла кніжная выстава.  Прыемную атмасферу і асабовы настрой стваралі чароўныя гукі ля-мінорнага паланэза Агінскага. Музыка, якой гучаць вечна…

Выстава працуе да 30 мая. Запрашаем наведаць!

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий