/ 7 октября, 2019

5 кастрычніка Навагрудак, адзін з найстаражытнейшых і знакавых гарадоў Беларусі, святкаваў 975-годдзе першай летапіснай згадкі. Святкаванні ахапілі шматлікія гарадскія пляцоўкі. Адной з самых літаратурных стала пляцоўка “Вялікі рэспект малой радзіме” Навагрудскай раённай бібліятэкі. Навагрудчане і госці горада з цікавасцю знаёміліся з кнігамі і карцінамі прадстаўленымі на  літаратурнай выставе-галерэі “Навагрудак: гісторыя праз мастацтва”. Асноўнае месца на экспазіцыі займалі мастацкія творы, дзеянне якіх адбываецца на Навагрудчыне, а таксама навукова-папулярныя і гістарычныя кнігі пра Навагрудак.  Гістарычныя звесткі былі гарманічна дапоўнены карцінамі навагрудскіх прастораў мастакоў Віктара Сташчанюка, Кастуся Качана, Уладзіміра Грэка, Яўгена Даўлюда і іншых мастакоў з фондаў раённай бібліятэкі і з прыватных калекцый гараджан. Дзеці і дарослыя ахвотна складалі пазл-рэканструкцыю «Навагрудскі замак» па аднайменнай карціне В. Сташчанюка.

Навагрудак даў свету шмат таленавітых людзей. Упэўніцца ў гэтым можна было з дапамогай гісторыка-літаратурнай экспедыцыі “Навагрудчане на карце свету”. Сапраўднае даследаванне суадносін асобы і краіны ажыццяўлялася з дапамогай кніг  і інтэрактыўнай карты. Пазначыць месцазнаходжанне кожнага з раёнаў нашай вобласці, правільна вызначыць гербы гарадоў, гісторыка-культурныя славутасці краю можна было на інтэрактыўнай карце-гульні “Гродзеншчына гістарычная”.

На пляцоўцы можна было пазнаёміцца з аўтарам гістарычных раманаў Юрыем Татарынавым, падзеі і дзеючыя асобы многіх твораў якога звязаныя з навагрудскаю зямлёю.

Папулярнасцю карысталася фотазона “Застылая гісторыя”, дзе кожны жадаючы змог прымераць на сябе вобраз Князя, ці Князёўны.

Бібліякафе  “Гістарычная кніга” прапаноўвала сваім наведвальнікам духмяную гарбату з пачастункамі і цікавыя літаратурныя крыніцы пра горад.  Розныя гістарычныя часы Навагрудка адлюстраваліся ў макетах знакавых архітэктурных аб’ектаў – Навагрудскай ратушы і  чыгункі-вузкакалейкі Наваельня – Зарой – Навагрудак – Любча.  Пашыраная макетная экспазіцыя была прадстаўлена для шматлікіх наведвальнікаў у міні-музеі “Старачаная спадчына”.

 

 

 

 

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий