Майстар вялікай эпічнай прозы. 120 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага
24 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, празаіка, публіцыста, драматурга Кузьмы Чорнага. Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі запрашае на кніжную вандроўку “Майстар вялікай эпічнай прозы”, прысвечаную аўтару.
Творы пісьменніка, а таксама літаратура пра яго жыццёвы і творчы шлях прадстаўлены на выставе.
Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі), якога крытыка яго часу ахрысціла «беларускім Дастаеўскім», нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у вёсцы Боркі на Случчыне ў сялянскай сям’і.
Псеўданімы: Максім Алешнік; М.Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М.Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарпакевіч; А.Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М.Р-скі; К. Ч.) — беларускі празаік, драматург, публіцыст.
У 1907 г. бацькі яго пераехалі ў фальварак Вінцэнтова. Тут Мікола з дапамогай маці Глікерыі Міхайлаўны, жанчыны простай, але духоўна развітай і дастаткова начытанай, навучыўся чытаць.
Мікола быў здольны хлапчына: добра маляваў, іграў на розных музычных інструментах, меў прыгожы голас, умеў цудоўна апавядаць розныя гісторыі, прадстаўляючы ў асобах, іграў у школьных спектаклях. Бацькі з усіх сіл стараліся даць старэйшаму сыну Міколу адукацыю. Каля маёнтка, дзе яны парабкавалі, школ блізка не было, таму яны кінулі панскую службу і ў 1908 г. вярнуліся на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы, якое знаходзілася акурат на паўдарозе паміж Нясвіжам і Капылём. Вучачыся ў Цімкаўскім народным вучылішчы, Мікола паказаў сябе здольным вучнем. Настаўнік нязменна вылучаў яго сярод іншых і падхвальваў, а перад заканчэннем вучылішча ў 1913 г. рыхтаваў яго разам з іншымі выдатнікамі да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920 годзе. У 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы.
З 1923 года член літаб’яднання «Маладняк». Яшчэ будучы студэнтам, у 1924 пачаў працаваць у газеце «Беларуская вёска»
У 1925 выйшлі першыя кнігі — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У 1926—1931 гг. быў старшынёй літаб’яднання «Узвышша». У 1932—1937 гг. — галоўны літкансультант кабінета маладога аўтара пры Саюзе Пісьменнікаў БССР.
Член Саюзу Пісьменнікаў БССР з 1934 года. Арыштаваны 14.10.1938. 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Следчыя рэгулярна катавалі вязня. Дзякуючы заступніцтву першага сакратара ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнкі змардаваны душой і целам пісьменнік вызвалены 8 чэрвеня 1939 года.
Тры новыя раманы, аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я.Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. З напісанага ў гэты час захавалася толькі п’еса «Ірынка» (1940).
У 1941—1944 гадах знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
Працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941—1944), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны Шлях» (1944), аповесцямі (засталіся незакончанымі) «Скіп’ёўскі лес», «Сумліцкая хроніка», «Смага».
Апошнія творы пісьменніка доўгія гады заставаліся ў рукапісах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942) і апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945).
У верасні 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».
Памёр 22 лістапада 1944 года.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.