Навагрудская раённая бібліятэка распачала новы асветніцкі праект, прысвечаны Году міра і стварэння “Вялікія кнігі – вялікія справы”. Гэта будзе серыя культурных дыялогаў з запрашэннем людзей, справа якіх мае вялікае значэнне для развіцця горада і раёна. На працягу праекта будуць прэзентавацца кнігі па пэўных накірунках дзейнасці. На кожнай сустрэчы таксама будзе збірацца мазайка для вялікага пано “Букет Міру”. У выніку атрымаецца сімвалічнае адлюстраванне прафесійнай дзейнасці Навагрудчан у выглядзе кветак і значных падзей. Тэматыкай першай сустрэчы была абрана “Турыстычная дзейнасць”.
28 сакавіка адбыўся першы культурны дыялог з удзелам Кацярыны Ківач, загадчыка аддзела турызму Упраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама. Кацярына Пятроўна расказала пра турыстычны патэнцыял Навагрудчыны, пра цікавыя турыстычныя маршруты і славутасці нашага горада і раёна. Турыстычная дзейнасць была прадстаўленая як сапраўдная вялікая справа, якая займае адно з важных і прыярытэтных месцаў у развіцці асобы і грамадства, рэгіёну і краіны.