У міні-музеі міні-макетаў “Страчаная спадчына” ў Навагрудскай раённай бібліятэцы пануе асаблівая атмасфера, якая асабліва прыходзіцца да спадобы дзяцям. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў захапленні ад яркіх, рознакаляровых домікаў, а бібліятэкары зацікаўліваюць іх яшчэ і гісторыямі пра наш горад і яго гараджан. Чакае дзяцей знаёмства-сюрпрыз з “архітэктарам” нашага міні-горада – мастаком-афарміцелем бібліятэкі Анатоліем Бандзюкевічам, які пазнавальна расказвае як ствараў мініяцюрныя гістарычныя аб’екты. Свае гісторыі расказваюць і старыя фотаздымкі горада. У рэтра-фотаатэлье нашы маленькія наведвальнікі прымяраюць вобразы гараджан пачатку мінулага стагоддзя, атрымліваюць імгненнае фота на памяць і прыемныя эмоцыі.