24 студзеня, напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста, які адзначаецца 27 студзеня – у дзень вызвалення лагера Асвенцым, у Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшоў вечар-рэквіем “Халакост: гісторыя, лёсы, памяць”. Мерапрыемства наведалі навучэнцы першага курса Навагрудскага каледжа тэхналогій і бяспекі.
Падчас мерапрыемства размова ішла аб варварскіх злачынствах фашыстаў супраць яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны, аб палітыцы нацыстаў у дачыненні да яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі акупаванай Беларусі, яго знішчэнні, пасляваенным расследаванні ўчыненых злачынстваў і захаванні памяці аб ахвярах Халакоста. Аповед суправаджаўся паказам электроннай прэзентацыі і відэаролікаў.
Увазе навучэнцаў былі таксама прадстаўлены відэаматэрыялы пра Ганну Франк, Оскара Шындлера.
Гісторыя яўрэйскай дзяўчынкі з Амстэрдама Ганны Франк вядомая ўсяму свету дзякуючы яе выпадкова захаваным дзённікам. Нацысты выявілі Ганну і іншых членаў яе сям’і і сяброў, у агульнай складанасці восем чалавек, у Амстэрдаме 4 жніўня 1944 года. Да гэтага яны паспяхова хаваліся амаль два гады ў таемным сховішчы ў складскім памяшканні на беразе канала. Усіх іх дэпартавалі ў канцлагеры; 15-гадовая Ганна з сястрой Марго загінулі ў лагеры Берген-Бельзен у пачатку 1945 года. Дзённік Ганны Франк стаў сапраўдным дакументам, які выкрывае нацызм, перакладзены на дзясяткі моў свету, па яго матывах быў зняты мастацкі фільм.
Не пакінула нікога абыякавым гісторыя Віктара Франкла і яго твор «Сказаць жыццю «Так!»: Псіхолаг у канцлагеры», напісаная ім пасля заключэння ў нацысцкіх канцэнтрацыйных лагерах Асвенцым і Дахаў з 1942 па 1945 гады.
На кніжнай экспазіцыі прадстаўлена вялікая колькасць мастацкіх кніг, дакументальных крыніц і мастацкіх альбомаў.