Стаіць сярэдзіна лета, нават, можна сказаць, яно на піку. Аглядзіцеся, якая прыгажосць наўкола, якія кветкі ў полі і на клумбах! Валошкі, рамонкі, ружы, ліліі, флоксы, маціолы… Ах, які пах, якія колеры!
Бібліятэкар Шчорсаўскай сельскай бібліятэкі, маладая дзяўчына, гэтае хараство яна бачыць і адчувае найбольш востра. Таму і арганізавала адпаведную кніжную выставу, на адкрыццё якой запрасіла сваіх юных чытачоў. Прыйшлі толькі дзяўчынкі. Усім разам ім было пра што пагаварыць. Бібліятэкар зрабіла агляд літаратуры, якая дэманструецца на выставе, і дала парады па догляду кветак, у адказ дзяўчаты спачатку пачыталі вершы па тэме, а потым доўга гарталі кніжкі і разглядалі карцінкі з кветкамі.