У чытальнай зале Навагрудскай раённай бібліятэкі прадстаўлена кніжная выстава, прысвечаная Кастусю Качану.
4 сакавіка беларускі мастак адзначае свой 70-гадовы юбілей. Серыя яго жывапісных работ “Радзімаю зачараваны” экспануецца зараз у Нацыянальным мастацкім музеі. Яго пэндзлю належаць лірычныя пейзажы з відамі прыроды і архітэктуры невялікіх гарадоў. Асаблівае месца ў творчасці Качана займаюць пейзажы Навагрудчыны – малой радзімы аўтара. Няма беларускага мястэчка, якое б Кастусь Качан не адлюстраваў на сваіх палотнах. Нездарма многія мастацтвазнаўцы называюць мастака «песняром беларускіх мястэчак», а карціны натхняюць на падарожжы па Беларусі. Кастусь Качан вылучаны на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2020 года.
Віншуем Канстанціна Іванавіча з юбілеем!
Канстанцін Іванавіч Качан нарадзіўся 4 сакавіка 1950 года ў вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1970-1975 гадах вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце фізікі, затым быў вольным слухачом ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1980 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і замежных мастацкіх выставах. У 1987 годзе стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Творы Кастуся Качана захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, фондах Беларускага саюза мастакоў, а таксама ў прыватных калекцыях многіх краін свету. У 2014 годзе ў Наваградку адкрылася і паспяхова дзейнічае карцінная галерэя яго імя.