15 кастрычніка ў рамках месячніка Белага кія, які традыцыйна праводзіцца ў Беларусі з 15 кастрычніка па 15 лістапада, у Навагрудскай гарадской спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку з групай школьнікаў ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Дар” прайшла гутарка “Чалавек з белым кіем”. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй “белага кія” і рэльефна-кропкавай сістэмай ліста Луі Брайля для сляпых людзей. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай увагай слухалі аповед татальна сляпога дарослага чытача бібліятэкі, які якраз і чытае кнігі па сістэме Брайля, таксама ён распавёў пра магчымасць пісаць з дапамогай спецыяльнага абсталявання Брайля. Дзецям было прапанавана паглядзець літаратуру, надрукаваную шрыфтам Брайля і пазнаёміцца са спецыяльным абсталяваннем для чытання літаратуры невідушчымі і людзьмі са слабым зрокам. Асобная тэма гаворкі – міласэрнасць і неабходнасць аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку сляпым і людзям са слабым зрокам.