/ 29 марта, 2021

28 сакавіка пачынаюцца школьныя вясновыя канікулы, і па традыцыі іх мы прысвячаем дзіцячай кнізе. Бібліятэкі Навагрудчыны кожны год для чытачоў-дзяцей у сваіх сценах арганізуюць гэтае цудоўнае свята дзіцячай кнігі. Звычайна яно праводзіцца шырока і масава. Сёлета з-за пандэміі каранавірусу магчыма яго маштаб не будзе такім вялікім, але ўсё ж бібліятэкары чакаюць дзяцей на мерапрыемствах, яны гатовыя нават працаваць з імі індывідуальна.

Назва свята прыдумана дзіцячым пісьменнікам Львом Касілем, і ўпершыню свята дзіцячай кнігі «Кніжкіны імяніны» было праведзена ў Маскве 26 сакавіка 1943 года, у ліку арганізатараў таксама дырэктар выдавецтва “Детгиз” Людміла Дубровіна. Тады школьнікі ў Калоннай зале Дома саюзаў слухалі выступленні пісьменнікаў – Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Агніі Барто, Карнея Чукоўскага, Міхаіла Прышвіна і інш. Некаторыя з гэтых аўтараў прыехалі з фронту. І далей так павялося – праводзіць «Тыдзень» у часе вясновых канікул, і толькі адзін раз за ўсю яго гісторыю «Тыдзень» праводзіўся не ўвесну, а ўвосень. І было гэта ў 1945 годзе.

У 1945 годзе ўпершыню Тыдзень прайшоў у Кіеве, а з канца 50-х “Кніжкін тыдзень” стаў праводзіцца па ўсім Савецкім Саюзе. Месцам святкавання кожны год станавілася адна з рэспубліканскіх сталіц, напрыклад, у Мінску ён праводзіўся ў 1972 годзе. Але афіцыйнае адкрыццё заўсёды праходзіла ў Маскве ў Калоннай зале. На працягу многіх гадоў яго вёў Карней Чукоўскі. Пасля правядзення асноўных мерапрыемстваў у сталіцы, пісьменніцкія дэлегацыі разбіваліся на творчыя групы, і гэты «пісьменніцкі дэсант» закідваўся ў розныя месцы краіны, дзе ў школах і бібліятэках, палацах піянераў і на стадыёнах праходзілі сустрэчы з чытачамі.

Цікава, што ўключэнне 1 і 2 красавіка ў дні святкавання Тыдня кнігі звязана з тым, што 1 красавіка – Дзень нараджэння Карнея Іванавіча Чукоўскага, а 2 красавіка – Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, які адзначаецца ў дзень нараджэння Ганса Хрысціяна Андэрсана. Раней у гэты дзень у бібліятэках звычайна праходзілі выставы кніг дзіцячых пісьменнікаў і мастакоў, узнагароджаных Андэрсенаўскім медалём.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий