14 красавіка адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, грамадскага дзеяча Аляксея Карпюка. Асноўная тэматыка яго творчасці — жыццё працоўных Заходняй Беларусі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Яго творы насычаны рэальнымі фактамі, для іх характэрна абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. Аляксей Нічыпаравіч вучыў заставацца самім сабой, шанаваць мову, культуру і гісторыю свайго народа, не крывадушнічаць.
Да юбілею аўтара на абанеменце раённай бібліятэцы аформлена кніжная выстава “Больш за ўсё я люблю свабоду”, большую частку якой складаюць творы пісьменніка. Аповесці «Данута» і «Развітанне з ілюзіямі», сялянская драма «Канец святла», складаюць кнігу выбраных твораў Аляксея Карпюка з серыі «Беларускі кнігазбор», дзе яскрава прадстаўлена эпісталярная спадчына пісьменніка: лісты жонцы, дзецям, Васілю Быкаву, Янку Брылю, і інш. Дапаўняюць экспазіцыю артыкулы пра жыццёвы і творчы шлях Аляксея Нічыпаравіча.