Напярэдадні святкавання Дня маці, 13 кастрычніка, у чытальнай зале Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэкі была падрыхтавана віншавальная кніжна-часопісная панарама “Маёй мілай матулі”. На выставе прадстаўлены кнігі і часопісы з вершамі і апавяданнямі пра маму. Дапаўнялі выставу віншавальныя паштоўкі, зробленыя бібліятэкарамі. Выстава карысталася ўвагай — дзеці перапісвалі вершы для чытання маме, вучылі іх на памяць, бралі кнігі на дом.
14 кастрычніка былі падведзены вынікі конкурса дзіцячага малюнка “Падару ўсмешку маме”. На конкурс было прадстаўлена больш за 20 работ. Можа гэтыя малюнкі зроблены не так прафесійна, але затое ад душы. З любоўю і пяшчотай дзеці намалявалі сваіх матуляў. Як прыгожа і весела стала ў чытальнай зале бібліятэкі ад такіх прыгожых малюнкаў, якія былі намаляваны алоўкамі, фарбамі. У вачах кожнага дзіцяці мама свая, але абавязкова самая любімая. У іх работах відаць кожная дэталь – добрыя вочы, ясная ўсмешка, прыгожая прычоска. Кожнае дзіця, гледзячы на свой малюнак, старалася расказаць пра сваю незвычайную маму. Падзякавалі ўсіх, хто прыняў удзел у конкурсе. Пераможцу было вельмі цяжка выбраць, таму ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі.