Нездарма бібліятэку са старажытнасці называлі скарбніцай ведаў. Самы лепшы спосаб як мага больш даведацца аб яе магчымасцях – гэта наведаць бібліятэку ў Дзень адчыненых дзвярэй. У Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь для ўсіх жадаючых, вялікіх і маленькіх, свае дзверы адчыніла Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка, дзень быў тэматычны, яго назва – «Кожнаму чалавеку шлях адкрыты ў бібліятэку». Наведвальнікаў чакала самая разнастайная праграма.
Пры ўваходзе ў бібліятэку, на абанеменце, дарослых чытачоў сустракала фотавыстава «Мы народжаныя пад сузор’ем “Бібліятэка”, на якой былі прадстаўлены фотаздымкі розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў бібліятэцы. На працягу дня дарослыя чытачы змаглі наведаць куток бібліятэрапіі “Лячэнне чытаннем”, дзе бібліядоктар раздаваў парады і кнігі для душы і добрага настрою. Цыганка прапаноўвала прыняць удзел у бібліягаданнях “Кніга вашага лёсу”, варажыла яна з дапамогай кніг і прадказвала будучыню. Таксама ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у афармленні выставы-рэйтынгу «Кніжная сімпатыя». У выніку атрымалася вялікая выстава, на якой былі прадстаўлены кнігі рознай тэматыкі і жанраў. У чытальнай зале ўсіх жадаючых сустракала кніжная выстава “Есть храм у книг – библиотека“, дзе былі прадстаўлены выданні па развіццю кніжнай і бібліятэчнай справы Беларусі, па гісторыі беларускай кнігі, таксама пра асветнікаў зямлі беларускай.
У гэты дзень дзеці змаглі здзейсніць падарожжа па кніжных паліцах «Дом — адзін на доўгія гады», там яны пазнаёміліся з работай бібліятэкі, яе правіламі, даведаліся пра тое, як да нас прыйшла кніга, і паўдзельнічалі ў віктарынах. З вялікай ахвотай юныя чытачы малявалі свае далонькі і пісалі на іх пажаданні для бібліятэкі і бібліятэкараў. З атрыманых віншаванняў атрымаўся стэнд “З днём бібліятэк” з найлепшымі пажаданнямі для любчанскіх бібліятэкараў.