5 лістапада ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбыўся дзень інфармацыі “Новая прававая літаратура”. На працягу дня ў чытальнай зале можна было пазнаёміцца з кніжнымі юрыдычнымі навінкамі. Бібліятэкары інфармавалі чытачоў пра змены ў працоўным і жыллёвым заканадаўстве, іншых галінах права.
Актыўнымі ўдзельнікамі ДІ сталі вучні 10-га прававога класа СШ №3, якія чарговы раз наведалі бібліятэку ў межах праекта “Знать закон смолоду”. Спачатку дзве групы прадставілі свае калектыўныя візіткі каманд. Знаёмства з новай юрыдычнай літаратурай прайшло ў фармаце гульні пры дапамозе інтэрактыўнай выставы. Чатырнаццаць выданняў былі схаваны пад нумарамі, а правільна іх адгадаць і раскрыць можна было, дзякуючы падказкам. Вучні адгадвалі выданне за выданнем, набываючы тым самым новыя веды пра розныя галіны права Рэспублікі Беларусь, пра кодэксы і законы нашай дзяржавы.
Пазнавальнай атрымалася інтэлектуальная гульня “Юрыдычная азбука”.
Адчуць сябе ў пэўным сэнсе законатворцамі юнакі і дзяўчаты змаглі, выконваючы творчае заданне “СТОП – наркотыкам!”. Творчы працэс суправаджаўся сур’ёзнымі юнацкімі развагамі і сапраўдным дыялогам. Створаныя працы дапоўнілі прафілактычны бібліятэчны квілт “Будучыня без наркотыкаў”.
Асобна былі прадстаўлены мастацкія кнігі, якія асвячаюць тэму наркаманіі ў літаратуры.
Мерапрыемства прайшло ў атмасферы супрацоўніцтва і творчай актыўнасці.