Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Асноўным Законам дзяржавы, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі краіны. У Канстытуцыі закладзены асновы рэгулявання прававой, палітычнай і эканамічнай сістэмы дзяржавы. Асноўны Закон замацоўвае неад’емныя правы чалавека і гарантыі іх рэалізацыі, узаемныя абавязкі грамадзяніна і дзяржавы, парадак фарміравання і функцыянавання органаў улады.
Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года).
27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У выніку адкарэкціраваны прэамбула і 85 артыкулаў, з’явілася 11 новых артыкулаў, выключаны 2 артыкулы. Таксама Асноўны Закон дапоўнены новай главой (глава 31 «Усебеларускі народны сход»). Цяпер Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змяшчае 9 раздзелаў, 9 глаў і 156 артыкулаў.
Найважнейшай канстытуцыйнай нормай з’яўляецца палажэнне артыкула 2, якое вызначае іерархію каштоўнасцей у краіне. Згодна з гэтым артыкулам чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Да ліку асноўных прынцыпаў, што пранізваюць нормы Канстытуцыі, варта аднесці:
- вяршэнства права;
- гарантыю і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна;
- дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады.
Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны вопыт станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.
https://president.gov.by/be/gosudarstvo/constitution