/ 5 мая, 2020

Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, дзе Дзень друку cвяткуюць  5 мая — у той жа дзень, калі ў савецкія часы адзначалі «День советской печати».

Указ N 156 «Аб устанаўленні ў Рэспубліцы Беларусь свята — Дня друку» падпісаў 2 мая 1996 года Аляксандр Лукашэнка.

Дата 5 мая звязана з выхадам першага нумара газеты «Правда» ў 1912 годзе. Акрамя таго, 5 мая 1581 года ў друкарні Івана Фёдарава выйшаў каляндар «Храналогія». Да кожнага месяца ў календары былі надрукаваны вершы, таму ён лічыцца першым асобным паэтычным выданнем. Таксама «Храналогія» з’яўляецца першым друкаваным календаром славян.

Па стане на 1 мая 2020 года ў Беларусі выдаваліся 721 газета і 863 часопісы. Больш за дзве трэці з іх з’яўляюцца прыватнымі.

Друкаваныя СМІ ў Беларусі выдаюцца пераважна на беларускай і рускай мовах, хоць ёсць выданні на англійскай, польскай, украінскай і нямецкай.

Найбольш уплывовымі ў краіне з’яўляюцца газеты «СБ.Беларусь сегодня» і «Рэспубліка». Таксама ў Беларусі папулярныя мясцовыя выпускі буйных расійскіх газет «Комсомольская правда» і «Аргументы и факты.»

Усяго ж у Беларусі распаўсюджваецца больш за 4 тысячы замежных друкаваных СМІ, у тым ліку з Расіі, Украіны, Казахстана, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Нідэрландаў, Польшчы, Літвы, Латвіі.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий