22 чэрвеня ва Уселюбскай сельскай бібліятэцы для дзяцей з мясцовага школьнага лагера быў праведзены інфармацыйны ўрок “Мой край завецца Беларусь!”. Сённняшняя сумная дата паклала адбітак на змесце мерапрыемства і на тым, што расказвала дзецям бібліятэкар.
Калі азірнуцца ў мінулае і прааналізаваць лёс нашай краіны, становіцца відавочным, што ў ходзе сваёй гісторыі яна вытрымала безліч усялякіх пакут: ад бядноты і голада да войнаў, здзекаў і нават генацыду. Зразумела, гэтыя цяжкія старонкі існавання Беларусі знайшлі адлюстраванне ў мастацкай літаратуры, таму мерапрыемства і распачалося цытаваннем твораў класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, 140-гадовы юбілей якога мы сёлета адзначаем, і які трапным паэтычным словам выказаў сваё бачанне Беларусі і яе цяжкой гісторыі.
Страшная навіна аб пачатку вайны 22 чэрвеня 1941 года ў нейкім сэнсе была перажыта і прысутнымі на мерапрыемстве дзецьмі. Бібліятэкар пастаралася данесці да іх усю жудасць адчуванняў сведкаў таго дня. Мы не можам дакладна пералічыць, колькі жыццяў адняла тая вайна, у сённяшняга пакалення іншая задача – захаваць мір у свеце, і, абавязкова, нашу Радзіму, нашу любую Беларусь. Кожны прысутны на мерапрыемстве, калі не словамі, то хаця б думках выказаў падзяку ўсім ўдзельнікам вайны, змагарам за наша шчаслівагае сёння. Ва ўсякім разе па атмасферы мерапрыемства гэта было відавочна.
Мастацкая і галіновая літаратура па тэме мерапрыемства, падабраная бібліятэкарам, карысталася вялікім попытам сярод юных чытачоў, было відаць, пачутае іх кранула за сэрца.