У Навагрудскую раённую бібліятэку паступіла новае выданне пра Навагрудак. Гэта альбом слыннага калекцыянера старых паштовак Уладзіміра Ліхадзедава – «Навагрудак. Падарожжа ў часе».
Выданне, якое на гэты раз падрыхтавана ў мінскім выдавецтве «Белстан», прымеркавана да 975-годдзя старажытнага горада. Філакартычны альбом складаецца з некалькіх раздзелаў: «Навагрудак. 1915 – 1918 гады»; «Навагрудак. 1920 – 1930-я гады»; «Адам Міцкевіч. Мясціны любыя сэрцу»; «Адам Міцкевіч. Вяршыня славы».
Адметнасцю легендарнага паселішча з’яўляецца Замкавая гара. І першыя рэпрадукцыі паштовак выступаюць якраз у ролі апавядальнікаў пра гэта месца. Здымкі, датаваныя канцом XIX стагоддзя, падаюцца надзвычай красамоўнымі. Так і цягне прайсціся гарадскімі сцежкамі, напрыклад, у пярэдадзень Першай Сусветнай вайны. Завітаць з вуліцы Сямёнаўскай да Фарнага касцёла. Альбо перабудаваць маршрут – і зайсці ў Касцёл Святога Арханёла Міхала. Ці наведаць Барысаглебскую царкву.
Адметны ўнёсак у крыніцазнаўства падзей Першай сусветнай вайны ўносяць рэпрадукцыі старых паштовак, якія расказваюць пра побыт кайзераўскіх салдатаў у Навагрудку. Некалькі паштовак ілюструюць могілкі нямецкіх салдатаў.
Калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў расшуквае свае матэрыялы па ўсім свеце. Часта зазірае на розныя аўкцыёны еўрапейскіх краін, падтрымлівае сувязь з калегамі-шукальнікамі з Германіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Расіі.
Кніга з рэпрадукцыямі старых паштовак з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава – сапраўдная гісторыка-краязнаўчая крыніцазнаўчая прастора для вывучэння лёсу нашага краю.