Навагрудская раённая бібліятэка запрашае наведаць кніжную выставу “Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…”, прысвечаную 135-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка бібліятэкары дапамогуць прасачыць праз шэраг кніг, публікацый, фотаздымкаў, эпісталярыяў Змітрака Бядулі. Настольная літаратурная гульня-складанка “Асоба і творчасць” пазнаёміць са знакавымі творамі беларускіх пісьменнікаў, у ліку якіх знаходзіцца і юбіляр.
Змітрок Бядуля (23.04.1886–03.11.1941)
Беларускі пісьменнік – празаік, паэт, перакладчык. Пісаў таксама творы для дзяцей, літаратурна-крытычныя артыкулы. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору. У 1920-х гг. уваходзіў у склад літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”.
Бядуля Змітрок (сапр. Самуіл Яфімавіч Плаўнік), нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і арандатара.
Першы надрукаваны твор — абразок на беларускай мове «Пяюць начлежнікі» (1910 г.). Змітрок Бядуля – аўтар шматлікіх вершаў, лірычных абразкоў, апавяданняў і аповесцяў, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі для беларускай літаратуры («Пяць лыжак заціркі», «Малыя дрывасекі», «На Каляды к сыну», «Вялікодныя яйкі», «Летапісцы»). У іх прасочваюцца характэрныя для аўтара матывы творчасці – эмацыянальнае захапленне прыгажосцю роднага краю, паэтызацыя вясковага побыту, асуджэнне сацыяльнай несправядлівасці. Творы Бядулі кранаюць прыгажосцю метафар, маляўнічасцю, вобразнасцю, але ў той жа час прымушаюць кожнага задумацца над чалавечай сутнасцю. У адносінах да сваіх герояў Зм. Бядуля быў глыбокім псіхолагам, умеў завастрыць увагу на ўнутраным свеце чалавека, напоўненым шчырымі непаўторнымі душэўнымі пачуццямі.
Змітрок Бядуля шмат увагі надаваў творам для дзяцей. Яго казка «Качачка-цацачка», паэма-казка «Мурашка Палашка», вершаваная аповесць «Хлопчык з-пад Гродна», аповесць-казка «Сярэбраная табакерка» сведчаць пра добрае разуменне пісьменнікам дзіцячай псіхалогіі, здольнасць пісаць пра дзяцей і для дзяцей займальна і даходліва.
Памёр 3 лістапада 1941 г. каля Ўральска.