4 лістапада 2016 г. ва ўтульнай сяброўскай атмасферы адбылася сустрэча, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння фотамайстра Яна Булгака. Сустрэча была арганізавана Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеем і Навагрудскай раённай бібліятэкай. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі Богдан Булгак, унук фотамайстра, і Іанна Пухальская, сваячка Яна Булгака, пісьменніца, даследчыца гісторыі сем’яў Булгакаў і Карповічаў.
Ярашук М.В., дырэктар музея, пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства са старонкамі біяграфіі Яна Булгака, яго творамі, зробленымі на Навагрудчыне. Царук І.М., дырэктар бібліятэкі, распавяла аб кніжнай выставе “Натхненне. Майстэрства. Лёс”, дзе знайшлі адлюстраванне матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці Яна Булгака, а таксама аб разнастайнай літаратуры, што захоўваецца ў фондах бібліятэкі.
Кавальчук Г.Т., старшы навуковы супрацоўнік музея, правяла прэзентацыю выставы «Навагрудак 1920-х гг. на фотаздымках Яна Булгака», падчас якой распавяла аб гісторыі будынкаў, зафіксаваных на здымках.
Пані Іанна Пухальская прадэманстравала ўнікальныя фотаздымкі і копіі дакументаў з сямейнага архіва, цудам уратаванага падчас пажару Чамброва (былы маёнтак Карповічаў каля Валеўкі) у 1943 г. Пані Іанна таксама распавяла аб сваіх продках Узлоўскіх і Карповічах, сваяцкіх сувязях з Булгакамі, якія распачаліся яшчэ ў другой паловы ХІХ ст.
Пан Богдан Булгак падзяліўся ўспамінамі аб сваім знакамітым дзядулі, аб сваіх уражаннях, калі яму, яшчэ 5-гадоваму хлопчыку дзядуля дазволіў прысутнічаць пры праяўленні і вырабе фотаздымкаў. Пан Богдан таксама прадэманстраваў фотаздымкі сваёй бабулі Ганны Булгак з роду Хаціскіх, свайго бацькі Януша.
Асобная частка сустрэчы была прысвечана сямейным успамінам, дэманстрацыі фотаздымкаў аб такой выдатнай падзеі, як здымкі фільма «Пан Тадэвуш» у Чамброве ў 1928 г. Пані Іанна і пан Богдан распавялі гісторыю пошукаў фрагментаў фільма і яго ўзнаўлення, бо доўгі час меркавалася, што фільм загінуў падчас ІІ сусветнай вайны.