18 верасня, у рамках Дзён еўрапейскай спадчыны, Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка арганізавала для сваіх чытачоў краязнаўчае пешае падарожжа пад назвай “Сем цудаў Любчы”. Спачатку наведалі галоўную славутасць – Любчанскі замак, дзе расказалі дзецям пра гісторыю і ўладальнікаў замка. Сфатаграфаваліся каля памятнага знака, які быў адкрыты да 405-годдзя Любчанскай друкарні і нагадалі яе гісторыю. Дзецям было цікава даведацца пра Свята-Ільінскую царкву, як яна была пабудавана і які мела выгляд. Яны атрымалі шмат новай інфармацыі пра помнікі, стэлы і абеліскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Любчы. Цікава было таксама наведаць Любчанскі парк, які з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва. Акрамя гэтага ўспомнілі знакамітых землякоў Любчанскага краю.