4 лютага Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка запрасіла вучняў сярэдняга школьнага ўзросту на краязнаўчую квэст-гульню “Малая радзіма – Любча”, якая прайшла ў рамках краязнаўчай праграмы “Край мой там, дзе Нёман цячэ”. Маршрут квэст-гульні складаўся з прыпынкаў і пралягаў па славутай любчанскай зямлі. На станцыі “Любча” удзельнікам мерапрыемства патрэбна было адказаць на пытанні, ў якім годзе была заснавана Любча, колькі гербаў яна мела. Трапіўшы на станцыю “Любчанскі замак”, дзеці ўзгадвалі, калі быў пабудаваны замак, успаміналі яго ўладальнікаў. На станцыі “Любчанская друкарня” неабходна было адказаць, калі ў Любчы існавала друкарня і назваць вядомых любчанскіх друкароў, колькі кніг было выдадзена за час існавання друкарні. На апошняй станцыі пад назвай “Турыстычная”, успаміналі помнікі вайны, што знаходзяцца ў пасёлку, расказвалі пра культавыя збудаванні. Адказваць на пытанні ім дапамагала тэматычная выстава “Сем цудаў Любчы”. Напрыканцы, выканаўшы ўсе заданні, дзеці склалі з пазлаў выяву Любчанскага замка. Было вельмі прыемна, што дзеці ведаюць і памятаюць гісторыю сваёй малой радзімы.