7 ліпеня ўся Беларусь святкуе дзень нараджэння выдатнага беларускага паэта, драматурга і перакладчыка – Янкі Купалы. З нагоды гэтай важнай даты ў бібліятэках Навагрудчыны праходзяць мерапрыемствы ў рамках “Купалаўскага дня на Гродзеншчыне”.
Старт святкавання 139-га дня нараджэння Я. Купалы быў дадзены 1 ліпеня Навагрудскай раённай бібліятэкай. Бібліятэкары запрасілі жыхароў і гасцей горада на інтэрактыўную арт-пляцоўку “Свет Янкі Купалы”. На кніжнай экспазіцыі былі прадстаўлены альбомы з партрэтамі Янкі Купалы ў выкананні розных мастакоў, дэманстраваліся паэтычныя, драматычныя і публіцыстычныя творы аўтара. Бібліятэкары распавядалі пра жыццёвы і творчы лёс народнага паэта. Настольная гульня па творах Янкі Купалы дазволіла прасачыць храналогію іх стварэння і сюжэтныя лініі.
Прадоўжыла святкаванне Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання, яна правяла паэтычную гадзіну «З Купалам у сэрцы жывём». Разам з чытачамі бібліятэкары чыталі вершы народнага паэта, вядомыя з самага дзяцінства. Прагучалі таксама паэтычныя творы Міколы Аўрамчыка, Веры Бруевай, Паўла Пруднікава, Сяргея Грахоўскага, Леаніда Дайнекі і іншых паэтаў, прысвечаныя Янку Купале. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава. Літаратура, якая была на ёй была прадстаўлена, адлюстроўвала жыццёвы і творчы шлях Янкі Купалы і непасрэдна самыя творы вядомага класіка.
Гучныя чытанні “І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы” прайшлі ў Любчанскай інтаграванай гарпасялковай бібліятэцы. Спачатку бібліятэкар расказала пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Затым удзельнікі адказвалі на пытанні віктарыны “Што мы ведаем пра Янку Купалу?” і “Ці ведаеце вы творы Янкі Купалы?”. Працягам мерапрыемства стала чытанне твораў: “Перад Сёмухай”, “Хлопчык і лётчык”, “Вясной” і іншыя. Мерапрыемства суправаджалася кніжнай выставай “Янка Купала: пясняр беларускай зямлі”.