17 лютага Навагрудская раённая бібліятэка ладзіла літаратурны квэст “Са слова пачынаецца Радзіма”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Квэставыя выпрабаванні на лепшае веданне роднай мовы праходзілі вучні 8-га і 9-га класаў СШ №1. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў складзе каманд “Валошкі” і “Моваведкі”. Бібліятэкары расказалі пра гісторыю свята, прадставілі шэраг цікавых фактаў пра беларускую мову, прапанавалі да чытання даведачныя і навукова-папулярныя выданні. Удзельнікі добра справіліся з бліц-апытаннем “Эрудыты-мовазнаўцы”. За правільныя адказы каманды атрымлівалі бонусы-валошкі. Добры настрой і цёплыя шчырыя эмоцыі выклікаў конкурс “Хуткамоўкі”. Маршрут квэсту прывёў каманды на “Энцыклапедычную станцыю” ў чытальную залу, на “Літаратурны прыпынак” абанемента, завяршыўся квэст “Фальклорным выпрабаваннем”. Напрыканцы каманды зачыталі ўпадабаныя радкі беларускіх паэтаў, а таксама напісалі на сэрцах свае самыя любімыя словы на беларускай мове. Узнагароды знайшлі сваіх герояў. А некалькі шчасліўчыкаў выйгралі прызы ў латарэі “Беларускае шанцаванне”.