18 снежня Навагрудская раённая бібліятэка ладзіла літаратурны вечар “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі. Пазнаёміцца з постаццю юбіляра завіталі навучэнцы другога курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі.
Бібліятэкары прадставілі аповед-прэзентацыю “Іван Чыгрынаў : нарыс жыцця і творчасці”. Творчасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава – яркая старонка ў сучаснай беларускай прозе. Апавяданні і раманы пісьменніка вылучаюцца рэалістычнасцю, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, увагай да жыцця простых людзей, разуменнем іх штодзённых клопатаў і турбот, высокім мастацкім майстэрствам. Значнае месца ў творчай спадчыне пісьменніка займаюць творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. І гэта невыпадкова: сам аўтар належыць да пакалення “дзяцей вайны”.
Прагучалі вершы аўтарства Івана Гаўрылавіча і паэтычныя творы-прысвячэнні юбіляру ад беларускіх літаратараў. Быў прадстаўлены шэраг цікавых фактаў з біяграфіі пісьменніка. Да мастацкага слова майстра літаратуры юнакі і дзяўчаты дакрануліся праз выкананне творчага задання «Цытаты Івана Чыгрынава».
Літаратура аб жыцці і творчасці аўтара, а таксама яго творы, экспанаваліся на выставе-персаналіі “Вернасць жыццёвай праўдзе”.