/ 30 августа, 2021

28 жніўня гарадскі пасёлак Любча,  з нагоды свайго 780-годдзя адзначыў свята «Любча праз стагоддзі». Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, яно  атрымалася, людзі хаваліся пад парасоны, а ўсё-роўна глядзелі і слухалі і ўдзельнічалі ў тым, што для іх арганізаваў Любчанскі сельскі Савет і аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама. У нейкім сэнсе гэтае дрэннае надвор’е нават яшчэ больш яднала землякоў і гасцей свята. А з’ехалася сюды шмат людзей, найперш тых, хто мае любчанскія карані. Амаль што ўсе яны і мясцовыя жыхары таксама падыходзілі да інтэрактыўнай пляцоўкі, арганізаванай Навагрудскай раённай бібліятэкай, і, знаёмячыся з літаратурай кніжнай выставы “Любча! Глыбока ты ў сэрцы маім!”, разглядаючы макет вузкакалейкі, якая ў 1916-1965 гады звязвала Любчу з Наваельняй, дзяліліся сваімі ведамі і ўспамінамі. Для кагосьці гісторыя Любчы – гэта справа іх жыцця, камусьці – гэта як хобі, хтосьці з бібліятэкарамі дзяліўся жывой гісторыяй, у прыватнасці, многія ўспаміналі, як ездзілі па той чыгунцы. Адчувалася нейкая камернасць свята, блізкасць паміж людьмі і нават свайго роду сямейнасць. Таму работнікам Навагрудскай раённай бібліятэкі было цікава працаваць з гэтымі па-сапраўднаму зацікаўленымі людзьмі, у такія хвіліны і сам узбагачаешся ведамі, станоўчымі эмоцыямі і, галоўнае, жаданнем больш дэтальна займацца краязнаўчай дзейнасцю.

Дарэчы, на свяце бібліятэкар Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэкі Ларыса Васільеўна Жыдоўчыц за сваю добрасумленную працу была ўзнагароджана Ганаровай граматай. Падзякі і каштоўныя падарункі атрымалі і былыя работнікі Любчанскіх бібліятэк – Гірыс Матрона Макараўна, Матусевіч Соф’я Сідараўна, Каўцэвіч Надзея Іванаўна, Дораш Валянціна Пятроўна. Радуе, што праца нашых бібліятэкараў ацэнена не толькі кіраўніцтвам культуры, але і мясцовай уладай.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий