У Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэцы прайшла краязнаўчая сустрэча пад назвай «Рыцарскія забавы ў Вялікім Княстве Літоўскім». У госці да чытачоў завіталі рыцары-рэканструктары з Мінска. Цудоўнае восеньскае надвор’е дазволіла правесці імпрэзу ў парку каля Любчанскага замка, што дадавала ёй гістарычнага антуражу. Сталічныя госці дасціпна і цікава расказалі юным чытачам бібліятэкі пра фізічныя практыкаванні, якімі займалася беларуская шляхта. Пасля гутаркі дзеці, прайшоўшы спецыяльны інструктаж, змаглі пастраляць з сапраўднага рыцарскага лука і пакідаць сякеркі. І трэба адзначыць, што любчанскія хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі сябе, не аднойчы патрапіўшы стрэламі і сякеркамі ў драўляную мішэнь. Пасля такога цікавага мерапрыемства юных чытачоў зацікавілі кніжкі на гістарычную тэматыку!