21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Сёння ў свеце існуе каля 6000 моў, 43 працэнты з іх знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Родная мова — гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Кожны чалавек павiнен ведаць i паважаць мову краiны, у якой нарадзiлiся яго продкi i ён сам. Родная мова – адзiн з першых сродкаў адрознення нацыянальнасцей i культур. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядомiў, што мова – гэта сапраўды наша багацце. Ведаць i абараняць яе – наш абавязак.
Бібліятэкі прапануюць мерапрыемствы з нагоды гэтай даты
21 лютага ў 16:00 Навагрудская раённая бібліятэка /аддзел абслугоўвання і інфармацыі запрашае на інтэлектуальны марафон “Мова – душа народа”. Наведвальнікаў чакаюць інтэрактыўныя гульні “Загадкі роднай мовы” і “Смак роднай мовы”, гульня-крыжаванка “На скрыжаванні слоў” і калекцыя літаратурных эпіграфаў пра беларускую мову.
Тэл. для даведак 8(01597)66789
21 лютага ў 13:30 у Навагрудскай раённай бібліятэцы /аддзеле па абслугоўванні дзіцячага чытача адбудзецца турнір знаўцаў “Звіні мая светлая, родная мова”. Удзельнікі мерапрыемства, падзяліўшыся на дзве каманды, прымуць удзел у конкурсах «Перакладчыкі», «Назаві адным словам», «Апранаемся па-беларуску» і іншых, у ходзе якіх будуць выяўлены лепшыя знаўцы беларускай мовы, а таксама нацыянальных традыцый.
Тэл. для даведак 8(01597)66719
21 лютага ў 14:00 у Любчанскую інтэграваную гарпасялковую бібліятэку запрашаюцца дзеці сярэдняга школьнага ўзросту на інтэлектуальна-пазнавальную гульню “Сябры роднай мовы”. Дзве каманды прымуць удзел у гульні, якая будзе скаладацца з некалькіх раўндаў. У раўндзе “Паэтычны” камандам прапануюцца словы, якія патрэбна будзе перакласці і запісаць, як яны будуць гучаць па-беларуску. У раўндзе “Вядомыя людзі” будзе паказаны фотаздымак славутага чалавека, а каманды павінны назваць яго імя. Шмат цікавага чакае ўдзельнікаў мерапрыемства.
Тэл. для даведак 8(01597)40801
21 лютага, у Навагрудскай бібліятэцы сямейнага чытання, у 11:00 усе, хто жадае праверыць свае веды па веданні беларускай мовы, запрашаюцца да ўдзелу ў гульні-перакладанцы “Смак роднай мовы”. Гульня пройдзе ў форме падарожжа са шматлікімі цікавымі прыпынкамі. Прысутных чакаюць загадкі, шарады, крыжаванкі, віктарыны, а таксама – магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці паэта і знаўцы не толькі беларускай літаратуры, але і музыкі, і фальклору!
Тэл. для даведак 8(01597)46447