14 лістапада ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшло заключнае мерапрыемства культурна-асветніцкага праекта “Вялікія кнігі – Вялікія справы”. Дзевяты культурны дыялог прайшоў пад назвай “Карыснае цяпло”.
Была прадстаўлена дзейнасць буйнейшага прадпрыемства прамысловага комплексу Навагрудчыны і Гродзенскага рэгіёну – Навагрудскага завода газавай апаратуры.
Навагрудскі завод газавай апаратуры (ААТ “НЗГА”) з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў у Рэспубліцы Беларусь і СНД шырокага спектра газавай апаратуры і тавараў народнага спажывання.
Пра дзейнасць завода і асартымент прадукцыі расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Чычкан Уладзімір Уладзіміравіч.
Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што на працягу многіх гадоў Навагрудскі завод газавай апаратуры застаецца лідарам па вытворчасці газавых балонаў у краінах СНД. На прадпрыемстве ведаюць, чым жыве сучасны рынак і імкнуцца ісці ў нагу з часам. Прафесіяналізм калектыву і якасць прадукцыі пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды, якія рэгулярна папаўняюць скарбонку дасягненняў завода.
Сімвалічнае пано “Букет міра”, прысвечанае Году міра і стварэння, было дапоўнена апошнім фрагментам з кветкай маціёлы.
Вялікай кнігай была абрана «Гісторыя газіфікацыі Рэспублікі Беларусь». Выданне з’яўляецца сапраўдным летапісам стварэння адной з найважнейшых галін народнай гаспадаркі — газавага комплексу.