/ 21 июня, 2023

20 чэрвеня ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася чацвёртая сустрэча ў рамках асветніцкага праекта, прысвечанага Году міра і стварэння “Вялікія кнігі – вялікія справы”. На гэты раз у цэнтры ўвагі –  адно з найбуйнейшых малочных прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці, прадукцыю якога ведаюць далёка за межамі Беларусі – «Навагрудскія Дары» (філіял ААТ «Лiдскi малочна-кансервавы камбiнат»). Дзейнасць прадпрыемства прадставіла галоўны тэхнолаг Шкнай Ніна Назараўна.

Яна расказала, што сёння пад брэндам «Навагрудскія Дары» выпускаецца больш чым 60 найменняў прадукцыі: паўцвёрдыя, цвёрдыя, мяккія і расольныя сыры, натуральная малочная прадукцыя, сухія малочныя прадукты, салодка-сметанковае масла, тэхнічны казеін, заменнік натуральнага і абястлушчанага малака.

“Навагрудскія Дары” робяць стаўку на “жывую” прадукцыю, мінімальна падвяргаючы яе тэхналагічнай апрацоўцы. Менавіта таму прадукцыя пад брэндам  “Навагрудскія Дары” з’яўляецца жаданай на кожным стале.

Калектыў прадпрыемства прыкладае ўсе намаганні, каб ісці ў нагу з часам і пастаянна радаваць свайго пакупніка навінкамі.

Ніна Назараўна расказала пра гісторыю прадпрыемства і заслужаныя ўзнагороды. Самай смачнай часткай мерапрыемства стала сырная дэгустацыя.

Асабліва ўсім прыйшліся даспадобы сыры «PESTO GREEN» і «PESTO RED». Яны маюць не толькі арыгінальны смак, але і адрозніваюцца ад класічных сыроў сваім ярка-зялёным і чырвоным колерам.

Кніжны агляд пазнаёміў прысутных з малочнымі традыяцыямі беларускай нацыянальнай кухні, звярнуў увагу на тое, што гісторыю чалавецтва немагчыма сабе ўявіць без малака, бо першая ежа, якую мы спрабуем у сваім жыцці, пакінула след у рэлігіі, палітыцы, культуры, эканоміцы, медыцыне…

Працягвае расці і сімвалічны  Букет міра, які папаўняецца ад сустрэчы да сустрэчы. Кветкай чацвёртага культурнага дыялогу абраны рамонак, які таксама з’яўляецца і лагатыпам прадпрыемства.

Падчас чацвёртай сустрэчы мы ў дэталях даведаліся пра вельмі вялікую, смачную і карысную справу.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий