27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту да кніжнага марафона памяці “Халакост: старонкі гісторыі”, які ладзіць Навагрудская раённая бібліятэка, далучыліся навучэнцы Навагрускага гандлёва-эканамічнага каледжа. На спецыяльна падрыхтаванай да мерапрыемства кніжнай экспазіцыі была прадстаўлена вялікая колькасць мастацкіх кніг сусветнай і беларускай літаратуры, дакументальныя крыніцы і рознага кшталту альбомы. Асобнае месца тут занялі кнігі з асабістай бібліятэкі чытача Фалевіча Генадзя Георгіевіча (серыя “Проза яўрэйскага жыцця”). Напісанне гэтых твораў для іх аўтараў стала адказам на балючыя пытанні перажытага. Большасць з іх былі непасрэднымі сведкамі тых падзей.
Дзякуючы ўсім гэтым крыніцам прысутным сталі вядомыя падрабязнасці перажытага ахвярамі Халакосту. Падчас мерапрыемства таксама дэманстраваліся відэаматэрыялы “Міжнародны дзень памяці Халакосту” і “Канцлагер Асвенцым. Нацыстскі лагер смерці”. Вельмі кранальным для студэнтаў атрымаўся зварот да кнігі Джон Бойн “Мальчик в полосатой пижаме”, які быў дапоўнены паказам кадраў з аднайменнага фільма. А далей былі жахлівыя лічбы ахвяр і аповед пра экспазіцыю музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку, зразумела, усё гэта сведчыла пра трагедыю Навагрудка яўрэйскага. У праграме таксама відэавіктарына “Памяці ахвярам Халакоста”, прысутных яна пазнаёміла з помнікамі генацыду яўрэйскага насельніцтва, якія ёсць у ЗША, Венгрыі, Польшчы, Германіі, Беларусі, Латвіі, Ізраіле. Удзельнікам мерапрыемствам трэба было вызначыць дакладнае месцазнаходжанне гэтых помнікаў. Вялікі эмацыянальны водгук атрымаўся і ад прачытаных студэнтамі радкоў з асобных мастацкіх кніг, у ліку якіх паэма Петруся Броўкі “Голас сэрца”, напісаная аўтарам пад уплывам трагедыі гібелі маці ў лагеры Асвенцым.