Да літаратурна-патрыятычнага марафона “9 зорак Перамогі” Навагрудскай раённай бібліятэкі далучыліся новыя навучальныя ўстановы. 18 мая ў бібліятэку прыйшлі навучэнцы аграрнага каледжа, а 19 мая бібліятэкары віталі старшакласнікаў сярэдняй школы №1 і навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя.
Літаратурную экспазіцыю склалі падборкі сімвалічных зорных кніг. Кніжны агляд падрабязней раскрыў экспазіцыю. У кожнай катэгорыі было прадстаўлена 9 лепшых: “Пісьменнікаў-франтавікоў”, “Пісьменнікаў – ваенных карэспандэнтаў Вялікай Айчыннай вайны”, лепшых прадстаўнікоў “Франтавой паэзіі” і “9 кніг пра Халакост”. Панарама-памяць пазнаёміла з самымі маштабнымі мемарыяламі, закліканымі захаваць памяць аб героях. Юнакі і дзяўчаты правільна вызначалі галоўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна на інтэрактыўнай карце, а таксама праявілі спрыт у гульні “Вялікая Айчынная вайна. У кнізе і ў памяці назаўжды”, дзе патрэбна было суаднесці творы беларускіх і расійскіх аўтараў. У выкананні навучэнцаў прагучалі лепшыя вершы пра Вялікую Айчынную вайну.