Спакон веку людзі аддавалі даніну павагі загінуўшым і памерлым сваякам і блізкім. І заўсёды ўшаноўвалі памяць аб іх: успаміналі добрым словам, ставілі помнікі, якія служылі напамінам наступным пакаленням, прыносілі кветкі. Бо верылі: чалавек толькі тады застаецца чалавекам, калі помніць свой род і свае гістарычныя карані. І сёлета ў вёсцы Ацмінава ў Дзень Незалежнасці да помніка загінуўшым землякам прыйшлі ўжо ўнукі са сваімі ўнукамі. І хоць з таго далёкага часу змянілася чатыры пакаленні, але памяць жыве, жыве ў нашых сэрцах.
Мой дзядуля Маляўскі Дзмітрый Фаміч загінуў у красавіку 1945 года ў Аўстрыі. Я ніколі яго не бачыла, але я ганаруся, што з’яўляюся яго ўнучкай. Ганаруся і тым, што нарадзілася і вырасла ў вольнай і незалежнай краіне з мірным небам над галавой.
Былі ўскладзены кветкі і на магілу сям’і Лапцевых, якіх расстралялі фашысты за сувязь з партызанамі. Трагедыя адбылася ў снежні 1943 года. У той страшны дзень у вёсцы згарэла 90 двароў. Загінула сям’я Лапцевых, вывезлі ў Германію дзесяць юнакоў і дзяўчат.
Памяць загінуўшым. Міру і спакою жывым.
Бібліятэкар Ацмінаўскай сельскай бібліятэкі Рыта Масціцкая