/ 12 августа, 2021

12 жніўня 2021 года пайшла з жыцця былая дырэктар ДУК «Навагрудская раённая бібліятэк» Мішкіна Таццяна Мікалаеўна.

Нарадзілася яна 9 ліпеня 1952 года ў Ходасах Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. На Навагрудчыне працавала з 1976 года. У 1983-ім скончыла Мінскі інстытут культуры і тады ж узначаліла Навагрудскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (зараз Дзяржаўная ўстанова культуры “Навагрудская раённая бібліятэка”). Дырэктарам была па 2014 год.

Пад яе кіраўніцтвам калектыў раённай бібліятэкі паспяхова ўкараняў інавацыйныя метады работы (створана міні-галерэя «Імгненне», атрымаў пачатак інфармацыйна-краязнаўчы тур «Праз бібліятэку — да дабра і свету»), распрацоўваліся і рэалізоўваліся цікавыя праекты і праграмы. Бібліятэкі ўстановы па ініцыятыве дырэктара актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і акцыях і амаль кожны раз станавіліся пераможцамі. Па выніках работы ў 2006 і 2011 гг. Навагрудская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма прызнана «Лепшай установай культуры года» сярод ЦБС вобласці. У 2007 годзе Т. М. Мішкіна занесена на раённую Дошку гонару. Шмат намаганняў прыклала для арганізацыі пераезду цэнтральнай раённай бібліятэкі ў будынак па вуліцы 1 Мая, д.1 і абсталяванню яго ў сучасным стылі (2004).

Узнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама (2010), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2001), Дыпломам «Лепшы бібліятэкар (раёна) 2001 года», Падзякай-пісьмом за эфектыўнае і ўмелае кіраўніцтва бібліятэкамі раёна (2004), Падзякай-пісьмом Гродзенскага аблвыканкама за асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне 200-годдзя Адама Міцкевіча (1998) і інш.

Калектыў, з якім яна працавала на працягу 42 гадоў, глыбока смуткуе з выпадку смерці свайго былога калегі – Мішкінай Таццяны Мікалаеўны. У нашай памяці і сэрцах яна назаўсёды застанецца разумнай і прыгожай жанчынай, шчырым таварышам, справядлівым і мудрым кіраўніком.

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий