19 сакавіка ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшоў дзень памяці “Пепел Хатыни в сердца нам стучится”, прысвечаны хатынскай трагедыі, якая адбылася 22 сакавіка 1943 года.
У гэты дзень 82 гады таму на Зямлі не стала Хатыні. Была спалена дашчэнту чарговая беларуская вёсачка. Ад рук карнікаў загінулі амаль усе яе жыхары: 149 чалавек, з якіх 75 — дзеці.
На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы другога курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа техналогій і бяспекі. Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з жыццём Хатыні да трагедыі, навучэнцы пачулі аповед пра страшны дзень 22 сакавіка 1943 года ў жыцці вёскі і яе жыхароў, здзейснілі відэа-экскурс па мемарыяльным комплексе і яго аб’ектах.
Пранікнёнае відэа з выступленнем адзінага дарослага сведкі хатынскай трагедыі 56-гадовага вясковагя каваля Іосіфа Камінскага не пакінула нікога абыякавымі.
Юнакі пазнаёміліся таксама з выставай-экспазіцыяй “Вечны набат Хатыні”, дзе была прадстаўлена гісторыка-дакументальная і мастацкая літаратура пра спаленыя вёскі.
Трагедыя Хатыні – адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Хатынь увасабляе звыш 9 000 сёл і вёсак Беларусі, многія з якіх былі спалены разам з людзьмі і ўжо ніколі не адрадзіліся.