У рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці, які праходзіць з 16 па 22 верасня, у Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэцы запланавана і праходзяць шэраг мерапрыемстваў. На працягу тыдня ў бібліятэцы дзейнічае выстава-заклік і прапануецца агляд літаратуры “Мы за здаровую экалогію”. На выставе прадстаўлена літаратура з якой можна даведацца пра шкоду якую наносіць навакольнаму асяроддзю выкарыстанне розных відаў транспарту, пра тое, колькі часу патрабуецца на раскладанне розных адходаў, чаму нельга забруджваць паветра, спальваючы пластыкавыя бутэлькі, нельга раскідваць смецце, ладзіць звалкі, нельга забруджваць вадаёмы і берагі рэк.
Лейтматывам выставы гучаць словы Маленькага Прынца з кнігі Сэнт-Экзюперы: «Устаў наранку, памыўся, прывёў сябе ў парадак — зараз жа прывядзі ў парадак планету».
Цікава і з карысцю 17 верасня прайшоў пазнавальны занятак “Правілы дарожнага руху”, дзе дзеці пазнаёміліся з дарожнымі знакамі і правіламі паводзін на дарозе. Бібліятэкар распавяла дзецям пра тое, што вывучаць і ведаць правілы дарожнага руху неабходна для таго, каб не падвяргаць сваё і чужое жыццё небяспецы і не перашкаджаць руху транспарту. Засвоіць правілы бяспечных паводзін дапамагалі вершы дзіцячых паэтаў, загадкі, віктарына “Памылкі казачных герояў”, гульні “Падкажы слоўца” і “Дазваляецца – забараняецца”. Прысутныя актыўна і з вялікай цікавасцю ўдзельнічалі ў разборы розных сітуацый на дарозе. Падчас мерапрыемства дзецям былі прапанаваны кнігі пра ПДР, якія маюцца ў фондзе бібліятэкі. Напрыканцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі атрымалі памяткі “Асноўныя правілы бяспечных паводзін на дарозе” і былі заслужана ўзнагароджаны вітаміннымі прызамі.