У выставачнай зале міні-галерэі “Імгненне” адкрылася сумесная выстава лідскіх мастакоў творчага аб’яднання “Тры+АRТ” “Как хрупок этот мир” Аляксандра Вараксы і Ігара Кудзі.
Манументальныя работы, спалучэнне розных стыляў, работы эксперыментальнага характару, абстрактныя творы, у якіх перадаюцца пачуцці, думкі, унутраны свет аўтараў. Падставай экспазіцыі з’явілася жаданне адлюстраваць складаныя моманты сучаснага жыцця, тое, што адбываецца ў свеце, які ён далікатны і як яго захаваць. Галоўную ідэю выставы ўвасобіла кампазіцыя “Нацюрморт з лялькай…”. Акрамя сюжэтных кампазіцый, у выявах А. Вараксы крымскія эцюды, вобразы г. Ліды, лідскі замак. Бясконцасць і медыятыўнасць воднай стыхіі ў нетрывіяльных вобразах “Над Нёманам”, “Нарач”, “Свіцязь” прадставіў І. Кудзі.
Дырэктар лідскай галерэі “GA11ERY” Павел Мацэлевіч распавёў пра сучаснае авангарднае мастацтва і арт-аб’екты, якія ствараюць гэтыя таленавітыя мастакі.
Асаблівы авангардны настрой карцін не пакінуў абыякавымі наведвальнікаў. Уражаннямі падзяліліся навагрудскі мастак Аляксандр Тамко, юныя таленты дзіцячай студыі мастацтва “Каляровы аловак”, педагогі.
Міні-галерэя запрашае ўсіх жадаючых скарыстаць магчымасць і наведаць экспазіцыю мастакоў (выстава працуе да 30.03.2018г.)