У год 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” у лютым – сакавіку – красавіку 2020 года правядзе рэйд-пошук «Вайна ў лёсе маёй сям’і», які мае мэты вывучэння гісторыі і захавання памяці пра мінулае малой радзімы, актуалізацыі цікавасці да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выхавання гуманнасці і павагі да чалавечай асобы.
Вынікамі (экспанатамі) рэйдаў бібліятэкараў стануць сведчанні ваеннай пары: фотаздымкі, дзённікі, лісты з фронту, плакаты, газеты, асабістыя рэчы. Але, галоўнае, гэта будуць успаміны. Калі не самыя сведкі тых падзей, дык іх дзеці і ўнукі напэўна змогуць падзяліцца аповедамі пра той час. Пакуль не парвалася нітка жывых успамінаў, задача бібліятэкараў занатаваць усё гэта на матэрыяльных носьбітах, каб тая каштоўная інфармацыя не пайшла ў нябыт.
Па ўмовах, кожная бібліятэка павінна сабраць максімальна магчымую колькасць сямейных гісторый. Іх можна будзе аформіць у выглядзе прозы, вершаў, аўдыё- і відэазапісаў. Лепшыя будуць надрукаваны ў газетах, на сайтах ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” і ў сацыяльных сетках.
Усе сабраныя матэрыялы (інфармацыя, успаміны, экспанаты) папоўняць краязнаўчую дакументную і фактаграфічную базу бібліятэк ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”. Яны лягуць у аснову выстаў-інсталяцый і электронных прэзентацый. Увесь гэты матэрыял будзе прызначаны для дэманстрацыі і выкарыстання пры правядзенні масавых мерапрыемстваў краязнаўчага і ваенна-патрыятычнага характару.