9 мая Навагрудская раённая бібліятэка запрашала навагрудчан і гасцей горада на інтэрактыўную арт-пляцоўку “В книжной памяти мгновения войны”. На кніжнай выставе “І ў кнізе, і ў памяці, назаўжды…” былі прадстаўлены выданні пра гераізм, мужнасць і стойкасць людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прыцягвала ўвагу наведвальнікаў настольная гульня «Кніга ў кадры: памяць назаўжды», дзе патрабавалася суаднесці творы беларускіх і расійскіх аўтараў з кінастужкамі. Дзеці разам з бацькамі з задавальненнем гулялі ў стратэгічную настолку “Нашчадкі Перамогі!”. Па яе ўмовах кожны гуляў за пэўнага абранага салдаціка-персанажа, а перамога чакала самых спрытных і ўдачлівых. Інтэрактыўная карта Навагрудскага раёна распавядала пра самыя галоўныя падзеі Вялікай Айчынная вайны на тэрыторыі нашага раёна, а таксама знаёміла з новымі дадзенымі аб спаленых вёсках Навагрудчыны. Размалёўкі да Дня Перамогі і цікавая літаратура для дзяцей знайшлі сваіх маленькіх аматараў. У міні-музеі «Страчаная спадчына» бібліятэкары расказвалі пра тое, як вайна змяніла аблічча Навагрудка, а ў рэтра-фотаатэлье нашыя наведвальнікі прымяралі на сябе вобразы мінулага стагоддзя.