У Любчанскай інтэграванай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў дзень роднай мовы пад назвай “Сэрцам краніся роднага слова”. Дэвіз дня — “Размаўляй са мной па-беларуску”. На працягу дня ўсе, ад маленькага да дарослага чытача, размаўлялі на беларускай мове. Дзеці 2-4 класаў прынялі ўдзел у конкурсе “Спрыт, знаходлівасць і розум”. Для таго, каб выканаць заданне, неабходна было так надзьмуць шарык, каб ён лопнуў. Унутры яго ляжаў лісток з заданнем, дзе патрэбна было падабраць да рускіх слоў беларускія адпаведнікі. Вучні сярэдняга школьнага ўзросту складалі словы-змейкі. Яны станавіліся адзін за адным і запісвалі словы, якія пачыналіся з апошняй літары папярэдняга ўдзельніка. Старшакласнікі прынялі ўдзел у конкурсе “Аматары беларускага фальклору”, дзе яны аднаўлялі рассыпаныя прыказкі. А дарослыя чытачы прынялі ўдзел у экспрэс-апытанні “Маё любімае слова па-беларуску”. Таксама ўдзельнічалі ў моўным практыкуме ”Як сказаць па-беларуску, дзе займаліся перакладам слоў. Называлі прозвішчы беларускіх пісьменнікаў, якія пачынаюцца на прапанаваныя ім літары алфавіта. Спадзяёмся, што гэты дзень ва ўсіх пакінуў часцінку дабрыні і любові да роднай мовы.
- Exif_JPEG_420