2021 год для Шчорсаўскіх чытанняў стаў юбілейным. Таму было прынята рашэнне іх правесці ў фармаце краязнаўчага-асветніцкага праекта, які атрымаў назву «Навагрудчына – старонкі гісторыі». 21 мая ён пачаўся на тэрыторыі Навагрудка, а скончыцца 10-11 чэрвеня ў Шчорсах. На працягу гэтага часу ва ўсіх установах культуры Навагрудскага раёна пройдуць краязнаўчыя туры, завочныя падарожжы, якія закліканы акунуць у займальны свет гісторыі краю не толькі жыхароў, але і гасцей Навагрудчыны.
Адкрыла праект Навагрудская раённая бібліятэка выставай гравюр Напалеона Орды «Гісторыя праз мастацтва», для экспанавання іх прадаставіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Наведвальнікі выставы ў ходзе яе прэзентацыі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага кампазітара і мастака, дзякуючы творчасці якога мы сёння можам уявіць, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі, якія за стагоддзі непазнавальна змяніліся або ўвогуле былі разбураны.
Супрацоўнікі Дома-музея Адама Міцкевіча ў гэты дзень арганізавалі міні-выставу кніг «Гісторыя, што ажывае ў кнігах», на якой было прадстаўлена 8 кніг таксама з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Кнігі распавядаюць пра сядзібу Храптовічаў, пра Любчу, Дзяляцічы, Навагрудак часоў Адама Міцкевіча.
Наступным пунктам праграмы быў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь «Спявай! Танцуй! Кахай! Жыві!», які прайшоў ў Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Артысты выканалі вакальныя творы з самых вядомых мюзіклаў Брадвея і старых галівудскіх фільмаў.