13 мая ў міні-галерэі «Імгненне» Навагрудскай раённай бібліятэкі адбылася мастацкая літаратурна-музычная творчая сустрэча, прэзентацыя персанальнай выстаўкі керамікі і жывапісу мастака і народнага майстра Беларусі Надзеі Салейка (г.Слонім).
Надзея Пятроўна член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці з 2002 года, майстар пластыкі з гліны. Стваральнік прыватнага мастацкага музея-сядзібы, які стаў славутасцю старажытнага Слоніма, а двор дома — месцам правядзення музычна-паэтычных фестываляў. Прыватны дом сям’і Салейка карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў турыстаў. А сама гаспадыня — гераіня тэлеперадач і сюжэтаў, чалавек з багатым уяўленнем.
Падчас сустрэчы аўтар прэзентавала свой творчы патэнцыял удзельнікам мерапрыемства: майстрам з Навагрудскага цэнтра рамёстваў, юным мастакам мастацкай студыі, майстрам студыі па кераміцы з Навагрудскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі, падзялілася з наваградчанамі – аматарамі творчасці сакрэтамі майстэрства і шматграннасцю таленту, адкрыла свой дзівосны свет выяўленчага мастацтва.
На экспазіцыі прадстаўляліся керамічныя вырабы, карціны, графічныя работы. Незвычайная і тэматыка работ, і само выкананне: складанае змешванне фарбаў у жывапісных работах, розныя тэхнікі і стылі.
Надзея Салейка, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам раѐннага літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса. У выкананні нашай госці гучалі не толькі вершы, але і аўтарскія песні. Надзея Пятроўна распавяла прысутным пра тое, як яна прыйшла да такога шматграннага творчага жыцця, які ўплыў аказала на яе творчасць музыка Агінскага, паэзія Булата Акуджавы.
У падарунак для чытачоў Навагрудская бібліятэка атрымала зборнікі паэзіі Надзеі Салейка з аўтографамі «Перекресток», «В разомкнутом круге».