/ 23 июля, 2020

Добра, калі бібліятэка на вёсцы не проста цэнтр чытання і культуры, а яшчэ і цэнтр адпачынку, цэнтр творчасці дзяцей. Усё залежыць ад бібліятэкара, які там працуе, наколькі ён улюблёны ў сваю прафесію і наколькі здольны заахвоціць сваімі цікавымі ідэямі чытачоў.

Мяркуйце самі: у вёсцы Ацмінава няма дзіцячага садка, школы. Куды ісці дзіцяці? Вядома ў бібліятэку, тым больш што там працуе цёця Рыта, з якой вельмі цікава праводзіць вольны час і ўдзельнічаць выключна ва ўсім, што яна арганізуе.

Возьмем хаця б творчую майстэрню “У Рыты ў бібліятэцы”, якая працуе тут усё гэта лета. Вось і зараз, 23 ліпеня, мама двух дзетак  Наталья Смаляк яшчэ зраніцы прывяла ў бібліятэку дачку Адэліну і сына Мішу, каб яны там вучыліся лепцы. Нічога, што дзеткі пакуль яшчэ маленькія, яны ж будучыя чытачы! А тут і дзве дзяўчынкі-сястрычкі падаспелі – Насця і Аліна. У лепцы яны ўжо добра спрактыкаваныя, таму і паказалі майстар-клас малодшым дзецям. А потым яшчэ ўсе разам і кніжачкі пачыталі. І весела, і карысна!

Падзяліцца спасылкай:

Оставить комментарий