26 красавіка 36 гадоў таму адбылася жахлівая катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Навагрудская раённая бібліятэка з гэтай нагоды арганізавала інфарм-дасье “Урокі Чарнобыля: погляд праз дзесяцігоддзі”. Удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты другога курса гандлёва-эканамічнага каледжа, разам з якімі бібліятэкары зрабілі гістарычны экскурс у тыя трагічныя падзеі. Абмяркоўвалася таксама, як трагедыя паўплывала на здароўе чалавека і на экалогію. Асобная ўвага была звернута на так званую чарнобыльскую тэматыку ў літаратуры і кінематографе.
Знаёмства з паняццем «радыяцыя» студэнты пачалі з разгадвання крыжаванкі, ключом да якой і было дадзенае слова. А працягнулі, падзяліўшыся на дзве каманды для выканання заданняў. Слоўнікавы запас праверылі ў гульні «Радыяцыйны алфавіт», а ўважлівасць у гульні «Знайдзі словы». Даведаліся студэнты і пра прадукты-памочнікі, якія спрыяюць вывядзенню з арганізма радыяцыі, а зрабілі яны гэта наведаўшы своеасаблівую «краму», у якой сабралі “Антырадыяцыйны прадуктовы кошык”. Заключным заданнем стала мультымедыйная віктарына “Урокі Чарнобыля: погляд праз дзесяцігоддзі”. Так як добрыя намаганні прыклалі абедзьве каманды, то і заслужаныя ўзнагароды атрымалі і адна, і другая каманды.